
Организатор - БЕГАНСКАЯ ЛЮДМИЛА МИХАЙЛОВНА
Культурным і адукаваным лічыцца той чалавек, які ведае гісторыю, звычаі і абрады, мову свайго народа. Таму, пры стварэнні фальклорна-этнаграфічнай выставы, была пастаўлена мэта зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, гэта значыць выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, зацікаўленасць у набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных і моўных ведаў.
Аснова - экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. Тут ёсць і “бабін куток” – гэта значыць гаспадарчы куток, тут можна пакруціць кола калаўрота, палюбавацца прыгожымі ручнікамі, падзорнікамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, вілкі, чапялу, стрыгач ці серп, узважыць рэчы з дапамогай бязмена, зачарпнуць апалонікам у чыгун, запаліць старажытны ліхтар, прасеяць муку праз рэшата і замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні ступы, бойкі, праса, каромысла, праніка і качалак, паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, агледзець сялянскі гардэроб.
На базе выставы праводзіцца азнаямленне з духоўнай спадчынай Роднай Зямлі, вывучэнне абрадаў і свят беларусаў, пашыраюцца веды па беларускай этнаграфіі. Вучні знаёмяцца са звычаямі дэкаратыўнага аздаблення беларускай хаты, традыцыйным інтэр’ерам сялянскай хаты.
Праводзяцца лекцыі-экскурсіі “Запрашаем у нашу хату”, “Батлейка і яе гісторыя”, рыхтуецца лекцыя-экскурсія па тэме “Беларускі ручнік: працэс нараджэння, семантыка арнаменту, функцыянальнасць”.
Вы ўжо зацікавіліся? Чакаем у госці!
Мэта выставы – далучэнне вучняў да культурна-гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы.
Задачы:
- зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю;
- выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага;
- выхаваць зацікаўленасць у набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных і моўных ведаў;
- садзейнічаць абуджэнню дапытлівасці і цікаўнасці вучняў;
- развіваць творчыя здольнасці вучняў.
Рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, збірала Людміла Міхайлаўна Бяганская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, на працягу амаль пятнаццаці гадоў. Яна падумала, што ёсць у школе розныя кабінеты: і матэматыкі, і фізікі, і хіміі, — а няма вось такога роднага куточка. Таму ў сваім кабінеце, у куточку, яна павесіла ручнік і пачала збіраць рэчы, якімі карысталіся нашы дзяды і прадзеды. Настаўніца звярталася да вучняў з просьбай пашукаць старыя непатрэбныя рэчы. Школьнікі адгукаліся і прыносілі.
Людміла Бяганская была ў пошуках кожны дзень. Яе апантанасць падзялялі калегі, якія імкнуліся дапамагчы. Рэгіна Францаўна Лазарчык прынесла рэчы з хаты сваёй маці, Бачыла Юлія Сяргееўна – з бабулінага куфра. Рэшата з вёскі Вішнёўка Мінскага раёна адшукалі ў пенсіянеркі Алены Банькоўскай, калаўрот – у настаўніцы гісторыі нашай школы Гусельнікавай Алены Мікалаеўны, а ступку з вёскі Пяцеўшчына Мінскага раёна падаравала Таццяна Максімовіч, драўляную дзежку і маслабойку з вёскі Кроква Лагойскага раёна прывезла Аксана Макоўская— наш намеснік па АГЧ, вялікі ліхтар перадала былая вучаніца школы Купцова Вольга з вёскі Чурылавічы, а малы ліхтарык-газовачку канца ХІХ стагоддзя– вучань 10-га класа Мікіта Русак. Пералічыць усіх, хто дапамагаў настаўнікам, немагчыма, але кожны наведвальнік зможа пра іх дазнацца: на экспанатах ёсць звесткі пра іх былых гаспадароў.
З цягам часу для гэтых рэчаў месца ў шафе не стала хапаць і ўзнікла думка стварыць фальклорна-этнаграфічны куток у школе.
Экспазіцыя папаўняецца дзякуючы намаганням настаўнікаў і зацікаўленых вучняў, бо кожнаму прыемна ўбачыць на выставе рэчы, падараваныя яго сваякамі, знаёмымі, суседзямі, сябрамі, а таксама паглядзець, чым карысталіся ў паўсядзённым жыцці нашы продкі.
Крэда настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ДУА “Самахвалавіцкая сярэдняя школа” ў наступных радках:
І каб не сталі дзеці нашы “Йванамі,
Не помнячымі племені і роду”,
Мы ў іх павінны з ранніх год выхоўваць
Любоў, павагу да свайго народа.
Вучыць іх трэба помніць слова матчына
І казку, песню, мілую на слых,
Бо ў іх — наша Гісторыя і Спадчына,
Культура, слаўная сярод культур другіх!
ЗМЕСТ ЭКСПАЗIЦЫI
раскрыть » / « свернуть